| |
Данілевіч Міхаіл Георгіевіч
нарадзіўся ў 1882 годзе каля мястэчка Ула Лепельскага павета
(цяпер Бешанковіцкі раён), вучоны, медык-інфекцыяніст, прафесар.
У 1910 г.
скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу, у 1912 г. –
інтэрнатуру ў Выбаргскай дзіцячай бальніцы. Працаваў у
Мікалаеўскай дзіцячай бальніцы, старшым урачом інфекцыйных
аддзяленняў бальніцы імя Н.Ф. Філатава. Адначасова быў
асістэнтам на кафедрах дзіцячых і інфекцыйных хвароб у
Петраградскім медыцынскім інстытуце. З 1925 г. загадваў
Васілявостраўскай дзіцячай бальніцай і з’яўляўся старшым
навуковым супрацоўнікам Інстытута аховы мацярынства і
дзяцінства. Працаваў у 1934 – 1956 гг. загадчыкам кафедры
дзіцячых інфекцый у Ленінградскім педыятрычным медыцынскім
інстытуце, у НДІ дзіцячых інфекцый. Удзельнічаў у стварэнні
савецкай сістэмы аховы здароўя, будаўніцтве дзіцячых бальніц,
амбулаторый.
Прафесар
Данілевіч апублікаваў каля 150 навуковых прац, у тым ліку 5
манаграфій, прысвечаных пераважна такім хваробам, як шкарлятына,
дыфтэрыя, дызентэрыя. Першы ў расійскай навуцы сфармуляваў
паняцце “перакрыжаваныя інфекцыі”. Вывучыўшы іх ролю ў дзіцячай
смяротнасці, ён прапанаваў сістэму прафілактыкі ўнутрыбальнічных
заражэнняў. Адным з першых у Савецкім Саюзе выявіў эфектыўнасць
серапрафілактыкі адзёру. Быў членам праўлення Ленінградскага
таварыства дзіцячых урачоў і Таварыства мікрабіёлагаў,
эпідэміёлагаў і інфекцыяністаў, арганізатарам Камітэта па
дзіцячых кропельных інфекцыях у Ленінградзе.
Памёр у 1956
годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Брэжскі, В. Урач, вучоны,
дойлід аховы здароўя / В. Брэжскі // Зара (Бешанковічы). – 1982.
– 11 снеж.
2. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч
// Кузьміч, М.П. Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы :
біяграфічны даведнік / М.П. Кузьміч, М.І. Сцепаненка. – Віцебск,
2007. – С. 60–61.
3. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч
// Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага
раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1991. – С. 411.
4. Крачкоўскі, А. Родам з Улы /
А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2000. – 6 студз.
|