Герб г. Гарадок

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  Гарадоцкі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  >

 

 ПОМНІКІ АРХЕАЛОГІІ  >

 

На тэрыторыі Гарадоцкага раёна захавалася шмат помнікаў археалогіі: стаянкі, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі, якія адносяцца да эпох каменнага і жалезнага вякоў, да сярэднявечча. Зараз вядома больш за 60 пунктаў, каля якіх выяўлены археалагічныя помнікі.

Асаблівую цікавасць прадстаўляюць раннія гарадзішчы каля вёсак Буракова і Загорцы. Пры раскопках іх і на ўсіх іншых ранніх гарадзішчах, знойдзены рэшткі жалезаплавільных печаў і шлакі ад выплаўкі жалеза.

  Гарадзішча Буракова ў навуку ўвайшло даўно. На працягу 1964–1965 гг. праводзіліся раскопкі на паўночным канцы пасялення Буракова, у выніку чаго атрыманы цікавыя факты.

Так, напрыклад, пры паверхневым аглядзе відаць, што гэта пасяленне ніколі не мела абарончых збудаванняў у выглядзе валоў і равоў: яны былі скрыты ці поўнасцю засыпаны. Таму яго і аднеслі да тыпу неўмацаваных гарадзішчаў. Вялікі навуковы інтарэс уяўляюць рэшткі ўскрытай на гарадзішчы жалезаапрацоўчай майстэрні слуповай канструкцыі. На падлозе майстэрні знойдзены дзве каменныя кавадлы, сцены і аснова сырадутнай печы па выплаўцы жалеза, шлакі, кавалачкі жалеза і іншыя адыходы.

Жыллё і гаспадарчыя пабудовы таксама мелі слупавую канструкцыю. Пасярэдзіне  будынкаў, на земляной падлозе, знаходзіліся  прымітыўныя  каменныя ачагі. Як у жыллі, так  і за межамі знойдзена мноства розных прадметаў, але асноўная маса складалася з рэшткаў глінянага ляпнога ад рукі посуду, упрыгожанага па  паверхні разнастайнай формы і велічыні ямкамі, скразнымі адтулінамі па самым венчыку і папярэчнымі лініямі. Увесь  посуд грубы па  вырабе, слабага  абпалу. Апрача таго, з гліны рабілі прасліцы – невялікія плоскія кружочкі з адтулінамі ў цэнтры, якія ўжываліся для прадзення. Аб развіцці  жывёлагадоўлі і палявання сведчаць знаходкі касцей ад хатняй і дзікай жывёлы. Вялікую ролю ў жыцці старажытнага насельніцтва адыгрывала  таксама і земляробства. Да ліку прылад працы земляробства трэба  аднесці жалезныя з вузкім  лязом сякеры, якія ўжываліся галоўным чынам для высякання і раскарчоўкі лесу пад ворыва, сярпы, каменныя зерняцёркі для размолу зерня і інш. Сярод  вырабаў з косці ёсць  наканечнікі стрэл, шылы і іголкі. Знаходка гэтых прадметаў гаворыць аб тым, што разам  з жалезнымі вырабамі працягвалі бытаваць і больш архаічныя касцяныя прылады, вядомыя  яшчэ ў час старажытнага каменнага веку. Бронзавых вырабаў на гарадзішчы Буракова знойдзена  параўнальна мала і ўсе яны прадстаўлены ўпрыгожваннямі.

У гарадзішчы каля вёскі Загорцы, якое мае плошчу 45х52 м, знойдзены рэшткі згарэўшага наземнага драўлянага жылля з каменнымі прымітыўнымі ачагамі на земляной падлозе і рэшткамі абвугленых зерняў пшаніцы. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць знаходкі на месцы жылля двух першабытнага тыпу каменных зерняцёрак. Знойдзена шмат костак хатніх і дзікіх жывёл. Жыхары гарадзішча, якія яшчэ не умелі выплаўляць жалеза, выраблялі спачатку розныя прылады (стрэлы, шылы, іголкі) галоўным чынам з касцей жывёл, з крэменю. У гэтым гарадзішчы знойдзены абломкі глінянага посуду з адбіткамі грубай тканіны, а таксама гліняныя прасліцы, у невялікай колькасці бронзавыя аздобы (кольцы, бляшка і інш.), якія вырабляліся на месцы з прывазнога з Прыбалтыкі сырцу.

Дарахоўскі археалагічны комплекс знаходзіцца ў  наваколлі в. Дарахі ў радыусе 2–3 км на паўднёвым беразе возера Сенніца, дзе даволі кампактна размяшчаюцца 11 курганных могільнікаў, у якіх налічваецца да 150 курганоў.

Ёсць некалькі адзінкавых насыпаў. На беразе  возера знойдзны тры паселішчы.

Паселішча-1 Лысая Гара – за 0,6 км на ўсход ад вёскі на невялікім узвышшы плошчай 0,5 га  на беразе возера Сенніца, пры ўпадзенні ў  яго ручая. Даследавалася ў 1972–1973 гг. Раскапана 104 кв. м  культурнага слоя  таўшчынёй 0,3–0,6  м. У мацерыку выяўлены  невялікія ямы, верагодна, ад слупоў. Знойдзены ляпны посуд трэцяй чвэрці 1-га тыс. н. э. і кераміка феадальнага перыяду, некалькі перапаленых костачак, жалезны  шлак.

Паселішча-2 – у напрамку на в. Дубакрай на беразе возера за  1,2 км на паўночны захад ад в. Дарахі на ўзвышшы  2 га  сярод балота. Культурны  слой захаваўся  каля падэшвы гары. У 1978 г. даследавана 40 кв. м  таўшчынёй 1 м.  Выяўлены  камяні, магчыма, ад печы. Знойдзена  456 кавалкаў ляпной керамікі другой і трэцяй чвэрці 1-га тыс. н. э., гліняная прасліца, два  жалезныя шылы, фрагмент сярпа, жалезныя шлакі. На балоце каля селішча выяўлены камень ад жорнаў дыяметрам 38 см з высвідраваным паглыбленнем.                                            

Паселішча-3 – Чорная Зямля плошчай 1-га  знаходзіцца за  1,5 км на паўночны захад ад  Дарахоў на беразе Сенніцы. Таўшчыня культурнага слоя 0,8 м. У шурфе (2×1) знойдзена 60 кавалкаў ад гаршкоў XI ст. На раллі выяўлена ляпная кераміка. Да  гэтага паселішча адносіцца  курганны  могільнік Дарахі V. Устаноўлена, што курганныя могільнікі належаць да трох перыядаў складанай этнічнай гісторыі Беларускага Падзвіння: трэцяй чвэрці  1-га тыс. н. э., VIIIX і XXI стст. Усяго  даследавана  40 курганоў.

 

Бронзавая падвеска з гарадзішча БураковаЗерняцёрка з гарадзішча Загорцы

 

Літаратура

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С.В. Марцэлеў [і інш.]. -  Мн., 1985. - С. 203, 205, 207–220.

2. Земляныя помнікі даўніны Гарадоцкага павета // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 45–46.

3. Левко, О.Н. Исследования в Городке Витебской области / О.Н. Левко // Археология и история Пскова и Псковской земли : тезисы докладов научно-практической конференции. – Псков, 1988. – С. 9–17.

4.  Ляўко, В. Ля вытокаў сярэднявякоўя / В. Ляўко // Прамень камунізму (Гарадок). – 1986. – 19 лістап.

5.  Шадыра, В. Таямніцы Гарадокшчыны / В. Шадыра // Гарадоцкі веснік. – 1991. – 9 ліп.

 

Аршанскі раён   Бешанковіцкі раён   Браслаўскі раён   Верхнядзвінскі раён    Віцебскі раён  

ГАРАДОЦКІ раён ГЛЫБОЦКІ раён  Докшыцкі раён   Дубровенскі раён   Лепельскі раён   Лёзненскі раён  

Міёрскі раён   Пастаўскі раён   Полацкі раён   Расонскі раён   Сенненскі раён

Талачынскі раён   Ушацкі раён   ЧАШНІЦКІ раён   Шаркаўшчынскі раён   Шумілінскі раён

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ

ПІСЬМЕННІКI, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ   МАСТАКІ   ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА  


ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Главная | История  | Структура | Услуги | Выставки | Контакты | Подписка | ЦБС | Мультимедиа

Карта сайта | Ресурсы  | Издания | Каталог | Ссылки | Поиск по сайту | Книги в дар библиотеке | Новые поступления

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008

E-MAIL: Vrlib@lib.vitebsk.net